Гэты пост будзе карыстны айці-валанцёрам дызайнерам, тым хто цікавіцца рознымі візуальнымі штукамі, хоча навучыцца рабіць будзь то лагатыпы, сайты, дасносіць ідэі праз візуальную інфармацыю і нават шырэй.
Глядзіце дзве сучасныя кнігі на рускай мове на тэму дызайну, якія ваша Энтрапія прачытала перад тым, як раіць іх вам.
Змест
“Лагатып і фірмовы стыль”. Дэвід Эйры
(“Logo. Design. Love”. David Airey)
Аўтар распавядае пра тое, як рабіць добры дызайн лагатыпаў.
Цікавы момант, што сам працэс малявання на камп’ютары – гэта толькі кропля ў моры ўсяго працэсу распрацоўкі і рэалізацыі ідэі. Дэвід Эйры шчыра дзеліцца досведам, як пабудаваць і самаарганізаваць сваю працу.
- Каб стварыць добры лагатып – трэба пачынаць з даследвання арганізацыі (ці іншай інтытуцыі) для якой ен робіцца. Потым ідуць напрацоўкі і эскізы проста алоўкам у нататніку. І ужо ў апошнюю чаргу – рэалізацыя у графічнай прыладзе.
- Большую частку працы будуць займаць перамовы выканаўцы з замоўцай. Файна, што аўтар удзяляе гэтаму моманту шмат увагі і дае парады, як будаваць канстуктыўныя зносіны пад час працы.
- Падчас распрацоўкі лагатыпа – важна стварыць дакумент, у якім будзе ўся неабходная інфармацыя пра арганізацыю і яе патрабаванні да лагатыпа, дасяжная двум бакам. Можна назваць гэта – тэхнічным заданнем, ці – брыфам.
І канечне, у кніге шмат прыкладаў добрых дызайнаў і рэдызайнаў, неверагодна крэатыўных ужо ў чорна-белым варыянце.

“Вэб-дызайн. Кіраўніцтва распрацоўшчыка”. Джэйсан Бёрд.
(“The principles of beautiful web design” Jason Beaird)
Кніга, напісаная ў 2010 годзе, дае даволі шырокае разуменне, хто такі вэб-дызайнер. Гэта і дызайнер, які непасрэдна малюе графічны дызайн, гэта і UX-дызайнер, які распрацоўвае зручны першасны макет сайта, гэта і вярстальшчык, часткова і фатограф, і ілюстратар. Карацей, зараз, такіх ужо з “днём агнём не знойдзеш”, бо спецыялізацыя значна пашырылася і паглыбілася. Менавіта таму кніга можа лічыцца амаль паміждысцыплінарным чытвом.
Акрамя каляровых прыкладаў самых розных дызайнаў сайтаў для розных стыляў і тэмаў, праз усю кнігу ідзе гісторыя распрацоўкі дызайна для сайта пошуку зніжак. Распрацоўка наглядна апісваецца па пунктах: макет старонкі, каляровая гама, тэкстуры, тыпаграфіка, выявы. Кожны крок суправаджаецца каментарамі да выбару таго ці іншага варыянта.




