Звычайныя карты ўжо даўно перакачавалі ў мабільныя тэлефоны, і нікога не здзіўляюць іх дадатковыя магчымасці. Але ж сярод вялікай колькасці карт часам цяжка знайсці сапраўды цікавую і карысную адначасова.
А такую, якая б акрамя шляху яшчэ і расказала пра мясцовасць альбо падказала, што ўтрымлівае ў сабе пэўны маркер — яшчэ тая задача. Я вырашыла дапамагчы і абрала, на мой погляд, самыя цікавыя. Прадстаўляю 7 інтэрактыўных карт па Беларусі.
Змест
Мапа станаўлення Беларусі
Ідэальная карта для цікаўных гісторыяй. На ёй можна прасачыць за развіццём краіны, значнымі датамі і падзеямі, даведацца, калі быў узгаданы той ці іншы горад і якія асобы вырашалі лёс Беларусі. Асобна трэба сказаць пра адлюстраванне терытарыяльных зменаў, па якіх відавочна бачна, калі ВКЛ была “ад мора да мора”, а калі тэрыторыя была ўтрая менш за сучасную.
Цікава, што праект падтрымлівае ажно 9 моў ( тым ліку беларускую лацінку). Апошняя падзея праекту — атрыманне Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. Карта, зразумела, дапаўняецца аўтарамі, але і ў карыстальнікаў есць магчымасць паўдзельнічаць у гэтым, адправіць e-mail з удакладненнямі і праўкамі.
Але падручнік па гісторіі Беларусі карта не заменіць — тут амаль што няма інфармацыі пра культурныя падзеі, з асоб толькі тыя, каго ведае і самы дрэнны школьнік (Скарына, Еўфрасіня, Кірыла Тураўскі — дзесьці каля 10 чалавек).

ПраБеларусь
Напэўна, для турыста карта была б добрай, калі не недахопы ў фактычным матэр’яле. З відавочнага — адзін фастфуд на ўсю Беларусь (а, між тым, у Брэсце МакДональдс амаль што ўжо адкрылі). Для “сваякоў” карта можна дапамагчы ў пошуку месцаў для нейкіх актыўнасцяў альбо месца збору. Але ж сваю не дабавіць, нейкай магчымасці дапамагчы з картай няма.
Здаецца, на ёй можна паглядзець усе неабходныя пункты: ежа, начлег, славутасці ды адпачынак, але паўстае пытанне разумення карты. Безумоўна, наяўнасць піктаграм робіць яе ўмоўна мованезалежнай, але для мяне было складана адрозніць аграўсадьбу, дом адпачынку і санаторый па малюначках, якія не маюць назваў. І яшчэ: сур’ёзна, ніводнай турфірмы на ўсю краіну? Ніводнага месца праката веласіпедаў? А крамы адзення і абутку выключна ў Мінске і Гродна?

Глобус Беларусі
Не адна, а цэлы набор зусім розных карт і магчымасцяў. Хочаце пагледзець генплан краіны, хочаце параўнаць спадарожнікі Яндэкса і Гугла, хочаце ўбачыць старажытныя карты? Гэты сайт для вас. Вось толькі прагружаюцца гэтыя карты даволі доўгі час, а некаторыя і зусім не захацелі працаваць. На розных картах ёсць маркеры славутасцяў з рэйтынгам ад 1 да 4 (ад “абавязкова наведаць” да “зірнуць”), але прынцып надання лічбы мне застаўся незразумелым.
Адначасова на экране можа быць да чатырох карт, і пры руху на адной зменяцца і астатнія, але ж чамусьці маштаб так не працуе. Але з добрага — вялікая база, дзе да кожнага месца даецца асобная караценечкая даведка з кардынатамі, фатаздымкамі, часам будаўніцтва (калі нейкі будынак). Гэтыя старонкі можна каментаваць і дадаваць фота, але не больш.

Свае
На гэтай карце можна пабачыць арганізацыі, дзе з вамі будуць размаўляць на беларускай мове. Свае — гэта вялікі каталог беларускамоўных паслуг рознага кшталту: ад школ з беларускамоўным навучаннем да кавярняў і спартыўных секцый. Можна афіцыйна далучыцца да ініцыятывы і з’явіцца на карце (а заадно і атрымаць налепачку). Колькасць удзельнікаў прыемна ўраджвае, як і агульнае афармленне карты і ўсяго сайта. Адзначу, што на карце можна знайсці не толькі буйныя кампаніі — нават дробныя курсы лёгка знаходзяцца і не ігнаруюцца.

Карта грыбніка
Цікавы праект, які пакідае неадназначнае ўяўленне. Арыентаваны ён больш на грыбнікоў (на карце толькі адно ягаднае месца) і будзе карысны хіба што для сумеснага тымбілдынга. Карта прыгожая, але пра дакладнасць няма і словаў — калі некалькі чалавек паезде на пазначанае месца, то хутка яно перастане быць грыбным. Можна, канешне, дабавіць і свае месца, але які нармальны грыбнік будзе выдаваць свой чароўны куточак?


Больш падрабязная інфармацыя пра адно з грыбных месцаў
Карта праектаў, што падтрымліваюцца Еўрасаюзам у Беларусі
Той варыянт, калі сайт і задума шыкоўныя, а вось карта не зусім зразумелая. Спіс праектаў шырокі, у наяўнясці шмат тэм, але…пры чым тут карта? Зразумела, важна ведаць, дзе знаходзіцца нейкі каардынацыйны цэнтр альбо на якой плошчы праводзіцца праект…
Каляровыя маркеры маюць свае тлумачэнні, а пры націсканні на адзін з іх адкрыецца невялічкае тлумачэнне мэты арганізацыі. Націсніце на яго — і пяройдзеце да поўнага апісання праекта. Пошук пад картай дазволіць адшукаць неабходны на тэматыцы праект, але шмат інфармацыі знаходзіцца не на карце, а пад ей. Дарэчы, пошук абмяжоўваецца 2017 годам.

Гродненская карта веладарог
Аматары спорту, безумоўна, ацэняць карту веладарог, дзе можна паглядзець працягласць шляху, пакрыццё ды наяўнасць і від разметкі. Сваю дарогу дабавіць не атрымаецца, але можна пабачыць пункты пракату, крамы, майстэрні і нават паркоўкі (як трапіць у гэты спіс таксама не вядома).
На жаль, карта абмяжоўваецца толькі Гродненскай вобласцю. Улічваючы, што апошняя навіна датуецца вераснем 2017 года, можна сумнявацца ў “свежасці” дадзеных, але, па сутнасці, дарогі не павінны былі кудысьці збегчы, хіба што нейкія арганізацыі ці майстэрні маглі знікнуць.

Безумоўна, што на гэта не ўсе карты. Некаторыя не ўвайшлі, бо маюць лепшы аналаг, іншыя сваім дызайнам робяць балюча вачам, а ў некаторыя проста недастаткова распрацаваныя альбо не працуюць у момант напісання матэр’ялу (як, напрыклад, зусім свежая карта ад Яндекс.Погода, якая паказвае месцы распаўсюджвання алергенаў). Можна, канешне, крытыкаваць карты за недастатковую інфарматыўнасць альбо абмежаванасць, але ва ўсялякім выпадку іх наяўнасць сведчыць пра рэальную зацікаўленнасць і патрэбу грамадства. А калі вы ведаеце нейкую цікавую карту, якая не трапіла ў топ — абавязкова пішыце ў каментары!


https://bn.by/freewifiminsk/
Карта бясплатнага wifi
Дзякуй вялікі за вельмі карысную карту. Абавязкова дабаўлю яе ў новы топ.