Кібер-герылья ва ўмовах татальнага дагляду: як захаваць свае дадзеныя на мабільных прыладах

Апублікавана

by — Posted in гік-лікбез, дайджэсты

Незалежна ад таго, хто вы – грамадскі актывіст, прадстаўнік буйной кампаніі ці звычайны карыстальнік мабільных прылад – хутчэй за ўсё, вы зацікаўленыя ў тым, каб вашыя дадзеныя засталіся вашымі і не трапілі да трэціх асобаў.

Тым часам рэклама ў сеціве становіцца ўжо надта таргетаванай. Учора вы былі ў спартзале ў першы раз у жыцці, а заўтра ў сацсетках ужо бачыце рэкламу спартовага харчавання. Вас інфармуюць пра акцыі ў супермаркетах каля вашага дому, прытым што вы ніколі не давалі звестак, дзе жывяце. Паспрабуйце таксама забіць у гугл запыт “як дайсці дадому”. З вялікай верагоднасцю вы атрымаеце маршрут ажно да вашага пад’езда.

Чаму так адбываецца і як гэта працуе?

Як так атрымалася і адкуль той жа гугл ці фэйсбук усё гэта пра вас ведае? Вы самі далі дазвол на гэта. Даволі паказальны адзін з апошніх выпадкаў: мэсэнджэр фэйсбука збіраў дадзеныя пра званкі і SMS, і ўвесь час гэта было прапісана ва ўмовах, то бок карыстальнікі дэ-юрэ дазвалялі гэта рабіць.

 

Менавіта збор дадзеных  дазваляе фэйсбуку ці сэрвісам гугл быць бясплатнымі для карыстальнікаў: па вялікім рахунку, тавар тут – вы самі  і інфармацыя пра вас. Палічыце, колькі ўсяго рознага “ведае” пра вас ваш смартфон: дзе вы былі і як перасоўваліся (зазірніце ў Google Location History і паглядзіце на ўсе вашыя падарожжы за апошні год), з кім і як часта стасаваліся, што і дзе набывалі, нават якія палітычныя сілы вы падтрымліваеце і з кім спіце.

Чаму так не мае быць?

“Ну і што тут благога? Я бачу рэкламу, якая з большай верагоднасцю будзе мне цікавая. Я шчыры грамадзянін, мне няма чаго хаваць” – адкажуць некаторыя. У тым выпадку, калі вы лічыце сябе “шчырым грамадзянінам, якому няма чаго хаваць”, калі ласка, пакіньце лагіны і паролі ад вашых сацсетак у каментарах пад гэтым артыкулам.

 

Тым часам існуе цэлы рух кібер-партызан, якія змагаюцца за вашу і нашу свабоду ў інтэрнэце, каб зрабіць яго вялікім зноў. Гэтыя людзі (іх часта называюць шыфрапанкамі) шукаюць і вынаходзяць ўсё новыя і новыя спосабы застацца ананімнымі з дапамогай крыптаграфіі. Чаму крыптаграфія? Бо гэта чыстая матэматыка, якая не мае ані палітычных поглядаў, ані прагны да грошай. Галоўная мэта гэтай кібер-герыльі: вольныя дабраахвотныя лічбавыя кантракты ў інтэрнэце паміж двума асобамі, дзе абодва бакі застаюцца цалкам ананімнымі, і ніякіх трэціх асобаў. Некаторыя з іх нават параўнуюць пытанне пра ўласнасць на прыватныя дадзеныя ў XXI-ым стагоддзі з пытаннем аб уласнасці на сродкі вытворчасці ў XX-ым. Прывід блукае па кібер-прасторы, прывід крыптаанархіі. Калі масавы дагляд і збор вашых дадзеных вам не даспадобы, тады самы час пачаць шукаць сродкі самаабароны, бо вам няма чаго губляць, акрамя сваіх кайданоў.

Што я магу з гэтым зрабіць?

Калі  вы не другі Сноўдэн, і ваш ноўтбук ці смартфон звычайна не кансфіскуюць спецслужбоўцы, надта складаныя сродкі вам наўрад ці будуць патрэбныя. Але вось некалькі простых крокаў, якія дапамогуць вам наблізіцца да інфармацыйнай бяспекі, пры гэтым спаць спакойна і не страціць розум ад параноі:

   Праверце налады сваіх сацсетак

Дэ-юрэ ніхто не мае права збіраць інфармацыю пра вас без дазволу, але ніхто таксама не любіць чытаць агромністыя карыстальніцкія пагадненні. Першае і самае простае, што вы можаце зрабіць: стаць выключэннем і прачытаць іх. Апасля зайдзіце ў налады вашых сацсетак і паглядзіце, дазвол на доступ да якой інфармацыі вы далі (спойлер: стандартна – да ўсёй) і пакіньце толькі тое, з якой інфой вы жадаеце дзяліцца (спойлер: з аніякай). У фэйсбуку гэта раздзелы “Канфедынцыяльнасць” і “Рэклама”, у ВК – “Прыватнасць” і “Налады дадаткаў” (напрыклад, у мяне старонка ВК была сінхранізавана с хэдхантэрам, але я дакладна не даваў дазвол на гэта, такім чынам, працадаўцы маглі даведацца пра мяне больш, чым трэба). 

Тое ж самае мае сэнс зрабіць з дадаткамі сацсетак і мэсэнджэрамі: у графе аб адсочванні местазнаходжання абярыце “Ніколі” (можаце знайсці шмат гісторый у інтэрнэце пра тое, як людзі прыходзілі, напрыклад, на ананімны сход наркаманаў, а на наступны дзень фэйсбук іх рэкамендаваў адзін адному як магчымых знаёмых, бо іх смартфоны знаходзіліся ў адным і там жа памяшканні доўгі час).

   Перапісвайцеся з дапамогай PGP-шыфравання

Напэўна, перапіска – гэта найбольш важная інфармацыя, якую пажадана схаваць у першую чаргу. Мэсэнджэры кшалту Telegram – гэта, безумоўна, добра, але вы ўсё роўна вымушаны звязаць яго з нумарам тэлефона і часам рабіць падцверджанні праз SMS, а перахапіць SMS, асабліва калі вы цікавыя спецслужбам, вельмі проста. Можна рэгістравацца на віртуальныя нумары, але, па-першае, гэта каштуе хай невялікіх, але грошай, па-другое, не заўсёды спрацоўвае. Куды больш надзейным будзе PGP.  Пра тое, як гэта працуе, можна падрабязна прачытаць, напрыклад, тут. 

 

Зараз прайшлі тыя часы, калі карыстацца PGP было складана, бо ёсць мабільныя дадаткі з  інтуітыўна зразумелым інтэрфэйсам. Для Android гэта OpenKeychain  (інтэгруецца з K-9 Mail), для Windows Phone – OpenPGP for Windows Phone.

 

 

    Звярніце ўвагу на працу вашага браўзера

Стандартны для большасці прыладаў браўзер Google Chrome вельмі далёкі ад жадання захаваць вашу прыватнасць. Каб пазбегнуць нагляду за вашай актыўнасцю для кантэкстнай рэкламы, можна ўсталяваць блакіроўшчыкі накшлат uBlock Origin. На смартфонах добрай альтэрнатывай будзе Brave Browser – ён блакіруе трэкеры сайтаў і не дае збіраць інфармацыю пра вас.

Безумоўна, усе пералічаныя сродкі не з’яўляюцца панацэяй: яны прыгодныя толькі для штодзённай камунікацыі і карыстання вэб-сэрвісамі. Ніхто і нішто не зможа вам гарантаваць стоадсоткавую ананімнасць у інтэрнэце. Калі вы маеце справы з сапраўды важнай інфармацыяй, і вы ўпэўненыя, што хтосьці паспрабуе яе перахапіць, лепш зрабіць крок канём і перадаць яе ў аналагавым выглядзе, больш за тое, шыфраваць яе таксама аналагава.

аўтар выявы невядомы

Дзяліся:


zoskia
Вучуся на філасофскім, цікаўлюся тэхналогіяй і яе ўзаемадзеяннем з палітыкай і грамадствам, калі не працую з тэкстамі ды канцэптамі, сплю.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *