Пра гэту сусветна вядомую крыніцу ведаў шмат хто чуў і чытаў, але мала хто ведае, як ёй карыстацца, тым больш – як карыстацца гэтай анлайн энцыклапедыяй грамадскім арганізацыям.
Блог Лічбавай Майстэрні распачынае серыю пастоў пра тое, якую карысць можа прынесці Вікіпедыя для грамадскіх арганізацый: як выкарыстаць гэты рэсурс для бягучых і стратэгічных патрэбаў арганізацыі, дадаць новую інфармацыю або палепшыць ужо існуючую.
Змест
Прычына першая. Сайт, які лёгка знаходзіцца
Кожны хоча мець сваю старонку на сайце, які лёгка знаходзіцца. Вікіпедыя звычайна ў выніках пошукавікоў знаходзіцца дзесці ў самым версе, калі не першая. Таму карыстацеся гэтай добрай уласцівасцю, размяшчаючы артыкул пра сябе ў Вікіпедыі.
Вядома, Вікіпедыя – гэта не месца, дзе вы створаце свой арганізацыйны лэндынг з заклікам да дзеяння. Але і без гэтага тут можна атрымаць процьму магчымасцяў:
- апісаць не толькі сваю структуру, дзейнасць і гісторыю;
- закачаць лагатып, стварыць галерэю найбольш важных падзеяў;
- абазначыць час працы арганізацыі, апісаць найбольш значныя падзеі;
- ці паставіць спасылку на афіцыйны сайт або паблікі арганізацыі ў сацыяльных сетках.
Гэта спасылка можа прынесці новых валанцёраў, павялічыць кола вашых паслядоўнікаў і сімпатызуючых.
Што можа быць чаканей для грамадскай арганізацыі?
Прычына другая. Пішам гісторыю і робім пастаянны піяр
Кожнай сур’ёзнай арганізацыі не менш значна збіраць сваю гісторыю. А гісторыя фарміруе і культуру арганізацыі, і яе бачнасць, і значнасць для грамадства.
Дык вось, у гэтым пытанні Вікіпедыя, а дакладней – вікі-супольнасць – можа дапамагчы сваімі ўдзельнікамі. Як?
Па-першае, вікіактывісты не прамянуць дадаць пра вашу арганізацыю некалькі спасылак з апісаннем, дзе яна праславілася або як паўздзейнічала на грамадства. Больш за тое, журналісты і даследчыкі пачынаюць свае матэрыялы дысертацый менавіта з Вікіпедыі. Адчуваеце моц піяра?
Па-другое, піяр у Вікіпедыі мае працяглы характар. Адна справа, калі пра вас напісалі СМІ і вестачка патанула ў плыні дня, а іншая – калі вы прысутнічаеце ў інфармацыйнай прасторы пастаянна. Вядома, адно другому не перашкаджае, але ўзмацняе.
Па-трэцяе, інфармацыю ў Вікіпедыю могуць дадаваць неабмежаванае кола ўдзельнікаў. Гэта ў тым ліку значыць, што ваша аб’яднанне пачне карыстацца большым даверам грамадскасці, чым прасеяная інфармацыя з дамашняй старонкі арганізацыі.
Прычына трэцяя. Павялічваем давер і фандрайзінг арганізацыі
Трэцяя (і найбольш значная) плюшка можа прынесці магчымасці дадатковага піяра. Апісваючы сябе ў Вікіпедыі, вы атрымаеце больш празрыстасці, а як вынік – будзе накаплівацца аўтарытэт і стварацца пазітыўны імідж. Не за дзень, канешне, але пару год прысутнасці ў Вікіпедыі павысяць давер з боку вашых прыхільнікаў або новых груп у грамадстве.
Тым больш, перакладаючы свой артыкул на розныя мовы, вы пачынаеце ахопліваць іншыя краіны і замежныя інстытуцыі. Канешне, тут не пералічыць рэпутацыйных плюсаў, але самы адчувальны – вашы фандрайзінгавыя магчымасці таксама могуць падрасці.
Дададзім, што значнай перавагай стварэння і падтрымання сваёй старонкі ў Вікіпедыі з’яўляецца бесперапыннае развіццё айці-кампетэнцый удзельнікаў вашай каманды. Медыя-веды зараз з’яўляюцца асновай для паспяховай дзейнасці.
Падсумуем сказанае
Свой артыкул у Вікіпедыі – гэта стратэгічныя інвестыцыі грамадскай арганізацыі ў доўгатэрміновы піяр, дакументаванне дзейнасці, якія напрацягу шэрагу год будуць акупаць сябе праз павышэнні даверу і яе рэпутацыі ў грамадстве.
У наступным пасце мы зробім аналіз прыкладаў беларускіх арганізацыяў, якія маюць свае старонкі і ўжо збіраюць плады сваёй прысутнасці.
Чытаць яшчэ:


