Для пачатку – прадгісторыя ініцыятывы: у лістападзе 2016 года Komnata 3/0/2 адчыніла для грамадскасці дзверы, і праз некаторы час прыйшло разуменне – патрэбна не толькі фізічная прастора, але і прастора ў інтэрнэце.
Komnata 3/0/2 звярнуліся да Лічбавай Майстэрні з запытам аб стварэнні лэндзінга. Што з гэтага атрымалася? Зараз паглядзім.
Даведка: Komnata 3/0/2 – платформа, якая аб’ядноўвае тры грамадскія арганізацыі: Моладзевы адукацыйны цэнтр «Фіальта», Задзіночанне Беларускіх студэнтаў і Мінскую ўрбаністычную платформу. Гэта офіс і пляцоўка для адукацыйных мерапрыемстваў.
Змест
Без ТЗ жыццё не міла
Першым, з чым сутыкнуліся прадстаўнікі ініцыятывы, была пастаноўка тэхнічнага задання (далей – тз). Для вялікай каманды звычайна гэта прадстаўляе складанасці: трэба дакладна вызначыць, што жадаецца бачыць напрыканцы і якія старонкі патрэбныя. А самае цяжкае – трэба аб усім гэтым дамовіцца паміж сабою. Стварэнне тэхнічнага задання з боку ініцыятывы каардынавала Ганна Агеева, яна ж сустракалася з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі арганізацый-рэзідэнтаў Komnata 3/0/2, каб параіцца і дамовіцца.
Працэс напісання тз заняў больш за месяц але форма, якую прапанавалі лічбаўцы, па словах прадстаўнікоў Комнаты, неверагодна крута дапамагла зразумець, чаго яны жадаюць і якім уяўляюць лэндынг.
Пасля ўзгаджэння тз за працу ўзялася айці-валанцёрка, якая намалявала схему будучага сайта. Далей схема і тз былі перададзеныя распрацоўшчыкам/цам і дызайнерам/кам. Валанцёркай Лічбавай Майстэрні (дарэчы, артыкул пра яе палістаць можна тут) быў прапанаваны варыянт дызайна лэндзінга, які абмяркоўваўся ў камандзе Komnata 3/0/2. Пасля дызайна пайшлі этапы распрацоўкі і тэсціравання, якія занялі яшчэ 2-3 месяцы. Напрыканцы лета лэндзінг працаваў.
Сведкі падзей
З боку Komnata 3/0/2 адказнасць за каардынацыю ўзяла на сябе Аляксандра Драб. Саша прымала актыўны ўдзел ва ўнутранай камунікацыі каманды валанцёраў і валанцёрак Лічбавай Майстэрні ў Trello. Таксама яна вырашыла падзяліцца досведам працы з айці-спецыялістамі і згадзілася адказаць на некалькі пытанняў.
– Што для цябе было ў працы самым прыемным?
– Этап тэставання. Калі нам выслалі апошнюю версію сайта і мы шукалі разам арганізацыямі і Фаланстэрам памылкі і выпраўлялі іх. Мне вельмі падабаўся вынік працы і фінальны выгляд старонкі, таму было прыемна наводзіць апошні парадак. А яшчэ было адчуванне таго, што хутка ў нас ужо будзе вынік нашай працы – гэта натхняла
– Як лічыш, камандная супраца – больш дапамога ці складанасць?
– Мне было камфортна працаваць такім чынам. Час ад часу мне падавалася, што некаторыя рэчы магчыма было зрабіць не запытваючы (напрыклад, ці будзе заставацца шапка на месцы падчас скролінга сайту). Бо тыя, хто распрацоўвалі старонку, дакладна разбіраюцца ў такіх штуках лепш за нас і лепш ведаюць, як зрабіць зручней. Але я разумела, што гэта робіцца для найлепшага выніку. Было прыемна, што нашыя меркаванні цікавілі каманду нават у такіх дэтальках.
Камунікаваць вялікай камандай было прыкметна прасцей з дапамогай трэла і слэку, інфармацыя і абмеркаванні не блыталіся і не губляліся.
– Ці было нешта такое, чаму менавіта ты навучылася падчас працы?
– Хутчэй адказваць на паведамленні і карыстацца слэкам (зручная, дарэчы, штука).
– Як зараз разцэньваеш рэзультат (сам сайт)?
– Мне падабаецца вынік, бо ён адпавядае ТЗ, а праца была цалкам сумеснай і мы бралі ўдзел амаль у кожным этапе распрацоўкі.
Яшчэ крута, што ёсць магчымасць заўседы зрабіць змены на старонцы і атрымаць падтрымку і кансультацыю.
Болі і лекі
Разумова, працэсс стварэння сайта часам прыносіць троху смутку ў душу – і да гэтага таксама трэба адносіцца спакойна. Прадстаўнікі Komnata адзначалі, што часам ім было складана аператыўна адказваць на пытанні валанцёраў/ак Лічбавай Майстэрні, складана было прымаць рашэнні (бо каманда таксама валанцёркая і складаецца з прадстаўнікоў і прадстаўніц трох розных арганізацый).

Але, негледзячы на камунікатыўныя бар’еры, лэндзінг убачыў свет. Замест пазітыўна-натхняльнага сканчэння пакінем вам камент адной з валанцёрак ініцыятывы, Агеевай Ганны:
«Я вельмі ўздячная Фаланстэру за такую крутую ініцыятыву па стварэнні каманд it-валанцёрства. Вельмі крута, што ёсць у Беларусі да каго звярнуцца за it-дапамогаю ў грамадскім сектары.
Гэты праэкт – вялікі досвед таго, як стварыць лэндынг, і я шмат вучуся ў Фаланстэра, як будаваць працу з валанцёрамі і валанцёркамі. Komnata 3/0/2 вельмі ўдзячная Лічбавай Майстэрні, мы з радасцю і імпэтам карыстаемся Komnata302.by »

