“Падарожжа дылетантаў ” ці як мы навучыліся “лётаць” у інтэрнеце

Апублікавана

by — Posted in пра майстэрню

Нам тэрмінова патрэбен сайт! Менавіта так мы аднойчы вырашылі на агульным сходзе клубнага Дома. Тады, у студзені, Віцебскі Клубны Дом «Крылы надзеі» – сацыяльна-рэабілітацыйная служба для людзей з псіхічнымі захворваннямі –  толькі рыхтаваўся да адкрыцця. Мы былі маладыя, «зялёныя», але поўныя гатоўнасці заявіць пра сябе. Таму нам быў патрэбны сайт і падтрымка.

Як усе ведаюць, галоўнае – імкнуцца да жадання (тады і яно імкнецца да цябе). І вось, хлопцы-валанцёры з цудоўнага творчага аб’яднання Кухня 33 (а менавіта умнічка Наташа Дагіль), скідае спасылку дагэтуль невядомай нам каманды з мудрагелістай (на наш першы погляд) назвай – Лічбавая Майстэрня. Так і пачалася наша актыўная і клёвая супраца.

Шлях да сайта заняў каля 7 месяцаў. Гэта было працаёмка, цікава, незвычайна. Вылучу асноўныя (самыя важныя ў практыцы) моманты нашай працы.

Як нам працавалася з ЛМ і валанцёрамі:

Сказаць, што гэта было клёва – нічога не сказаць. Спагадныя, крэатыўныя, актыўныя і, што немалаважна, мабільныя хлопцы. Адкрытая (“што не так – гаворым шчыра, а калі ўсё так – нават і пахвалім”) і камунікабельная каманда.

Нашы пытанні (паверце, іх было шмат, пачынаючы ад «што такое дамен?» і «хіба ў гугл док трэба рэгістравацца?») заўсёды атрымлівалі адказы.

Асобна хочацца вылучыць асаблівы, сапраўды выдатны інструмент кіравання і арганізацыі сумеснай працы – матывацыйны штуршок. Узбадзёрванні і скайп-натхненні ў стылі «калі ты раней гэтым не займаўся –  варта пачаць цяпер. Ня бойся, мы падтрымаем» ад Міхаіла Волчака (нашага няўрымслівага фасілітатара) рэальна надавалі хуткасці і прадуктыўнасці працэсу.

khYCFbTl1yU.jpg

Такім чынам, савет: галоўнае ў такіх штуршках, каб кожны крок быў з пазітывам (і эматыконам ў канцы:).

Праца з валанцёрамі – гэта заўсёды працэс ўзаемадапамогі. Двухбаковы рух. Кантактуйце – і будзьце адкрытыя да ўзаемадапамогі, гэта вельмі просты рэцэпт выдатных адносін. IT-валанцёры, насуперак агульнай памылцы, зусім не маркотныя акулярыкі, якія гавораць з вамі на тайнай мове айцішнікаў. Гэта адукаваныя, працавітыя і пазітыўныя хлопцы, якія паказалі нам, што, аказваецца, калі ты не адзін – то і сайт не такі страшны. І, здаецца, што і мы, у сваю чаргу, натхнілі на здзяйсненні каманду ЛМ.

Чаму мы навучыліся ў працэсе сумеснай працы:

Мы атрымалі мора скілоў, але вось галоўныя:

  • быць як мага больш дакладнымі ў просьбах, фармуляваць і выражаць іх выразна, ясна і ў кароткія тэрміны задачы. Выдзяляць галоўнае і галоўнае з галоўнага – ва ўсім гэтым нам дапамагло тэхнічнае заданне па карце Лічбавай майстэрні  (+ навучыліся працаваць у Google Doc)
  • паспрабавалі (зусім ледзь-ледзь, але ўсё ж) рамяство дызайнераў (малюючы макет сайта)
  • навучыліся падладжвацца, дамаўляцца, «уціскаць» свой пункт гледжання
  • скайп-масты сталі як родныя ў плане камунікацыі
  • ўмеем працаваць у Trello
  • дзякуючы навучальнаму онлайн-курсу для «чайнікаў» даведаліся, што такое дамен і хостынг і колькі гэта каштуе, плагіны, фіджэты, тэмы – і ў прынцыпе паглыбіліся ў тонкасці і тэхнічныя аспекты стварэння і кіравання сайтам.
  • даведаліся, як кіраваць сайтам на платформе wordpress

(Ах да – і даведаліся, што такое скілы:))

xbd6qqCR0MI.jpg

Што, на наш погляд, атрымалася лепш за ўсё:

Злучыць намаганні IT- спецыялістаў і ініцыятывы. Такім чынам, мы атрымалі шанец не толькі распрацаваць сучасны сайт для нашай арганізацыі, але і атрымаць неабходныя навыкі для падтрымкі і кіравання сайтам самастойна.

Што можна палепшыць у рабоце:

Практычныя заняткі для мэтавай групы. “Лепш адзін раз убачыць” – і гэтак далей. Жывы прыклад ад нашага клубнага Дома: пасля візіту сацыятэхніка Міхаіла, непасрэдных зносін яго з нашымі хлопцамі – адразу 2 чалавекі загарэліся рэальным (не на словах) жаданнем нешта рабіць. Для большасці гучыць дзіўна, але ініцыятывы, чыя дзейнасць накіравана на сацыяльную рэабілітацыю людзей з асаблівасцямі здароўя, мяне зразумеюць.

Увогуле, інтэрнэт-узаемадзеянне – зручна, практычна і эфектыўна. Але жывыя зносіны і партнёрства даюць выдатны ККД для агульнага працэсу. Connecting people!

Вынікі:

Шчыра кажучы, у пачатку нашай сумеснай працы мы ўяўлялі сабой «удзельнікаў з пачатковым узроўнем ведаў ў галіне сайтабудавання», ды і гэта вельмі мякка. А сёння члены нашага клубнага Дома самі выкладваюць навіны на наш сайт. Маленькі крок, быццам бы, але вялікі крок у прынцыпе.

Праца з Лічбавай майстэрняй дапамагла не толькі запусціць наш сайт, але і абудзіла цікавасць і жаданне развівацца, эфектыўна і пісьменна прадстаўляць сябе.

 

Мы шмат чаму навучыліся і, спадзяемся, навучылі.

Наш сайт працуе – http://krylynadzei.by/  – і мы працягваем пракачваць свае навыкі кіравання ім, ўсё таксама з падтрымкай ЛМ.

А як інакш –  бо мы адчуваем сябе часткай каманды:)

2.jpg

 

Красцьянава Дар’я,

псіхолаг

Віцебскага Клубнага Дома «Крылы надзеі»

 

Дзяліся:


krily_nadzei
Красцьянава Дар’я, псіхолаг Віцебскага Клубнага Дома «Крылы надзеі»

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *