Прывітанне, пачынаючым дызайнерам, айці-валанцёрам і актывістам! Сёння я распавяду свой суб’ектыўны досвед, як зрабіць простую, дакладную і прыгожую афішу для мерапрыемства. (Гэта адна з самых частых задач для ініцыятыў).
Стварэнню афішы лёгка навучыцца самому. Для гэтага вам трэба мінімальна навучыцца працаваць з любой графічнай прыладай. Напрыклад, гэта могуць быць прапрыетарныя (несвабодныя) Paint, Adobe Photoshop, Adobe Illustrator, CorelDraw, і свабодныя – Gimp, InkScape, ці, увогуле, іншыя прылады, у якіх есць функцыі імпарту малюнка, напісання тэксту, перасоўвання элементаў, маштабіравання, змены колераў.
Агульныя правілы для элементаў афішы, якія я вынайшла на працягу некалькіх год стварэння афіш у Фаланстэры:
- Адзін малюнак у добрай якасці, які пойдзе на фон афішы. (Добрая якасць – гэта больш за 1000 пікселаў па доўгай старане малюнка).
- Назва мерапрыемства.
- Дата (дзень, месяц, час).
- Адрас мерапрыемства (калі ён дасяжны публічна і мерапрыемства адкрытае).
- Кантакты: нумар тэлефону, адрас сайту, е-мэйл (тут вы пазначаеце тыя кантакты, па якіх жадаеце, каб з вамі звязваліся).
- Магчыма нейкая дадатковая інфармацыя, накшталт: назвы арганізатараў (су-арганізатараў), іх лагатыпы, тэгі і г.д.
Задача афішы – прыцягнуць увагу, прыцягнуць гледача на вашу імпрэзу, і даць самую галоўную інфармацыю. Калі ў вас атрымаецца – глядач палезе далей у абвестку чытаць падрабязнасці.
Пераходзім да практыкі
1. Спачатку я шукаю фонавы малюнак (ці малюю яго сама), астатнія элементы (размяшчэнне тэкстаў, шрыфты) будуць залежыць ад стылю малюнка.
Калі вы бярэце малюнак ці фота – указвайце яго аўтара са спасылкай адкуль бралі.
Як прыклад, мне неабходна зрабіць афішу на кінапрагляд, які адбудзецца на днях. Я ведаю назву фільма і шукаю малюнкі і постары гэтага фільма. Сёння гэта фільм «Расшчэплены». (У адукацыйных мэтах я ўзяла постар з сайту «Кинопоиск»).
2. Далей я пазбаўляюся ад элементаў на малюнку, якія мне не патрэбны – англійскія назвы. (Сёння я не буду апісваць, як можна гэта зрабіць. Скажу толькі, што можна зафарбаваць непатрэбныя кавалкі ці выразаць у растравай графічнай прыладзе).

3. Цяпер я імпартую малюнак і пішу тыя тэксты, якія мне патрабуюцца, пакуль асобна ад малюнка, каб ацаніць колькі тэксту, як і ў якім памеры мне неабходна размясціць. (Я працую ў свабоднай вектарнай прыладзе InkScape).

4. Потым я абіраю шрыфт. Не страшна, калі вы не майстар тыпаграфікі (майстры і настаяшчыя дызайнеры заўсёды будуць троліць па гэтаму поваду), але пастарайцеся падабраць шрыфт, які будзе падыходзіць да малюнка (лічыце, што пакуль вы робіце гэта інтуітыўна).
Тут я абрала шрыфт «PT Sans» і «PT Sans Caption», таму што мне падалося, што рэзкія вуглы шрыфту гарманіруюць з рэзкімі дынамічнымі кантрастнымі лініямі малюнка.
5. Мой любімы прыём кампазіцыі, па якому я размяшчаю тэкст – гэта размяшчэнне ўздоўж прамавугольнай рамкі. Такім чынам, калі абвесці ўсе словы – яны ствараюць нябачную рамку. (У дадзеным выпадку і малюнак уваходзіць у гэтую рамку). У той жа час, некаторыя словы размешчаны ўздоўж ліній малюнка. Гэта дазвяляе ўпісаць словы, якія незручна ўпісваць у рамку.

6. Важна не толькі размяшчэнне тэксту, але і яго, скажам, іерархія. Назва, звычайна робіцца самай вялікай, каб прыцягнуць увагу. Таксама вялікай я раблю дату і час (мне падабаецца, калі дата, месяц і час запісаны асобна, тады яны не зліваюцца ў адзін сплашны тэкст). Адрас, іншыя кантакты і дадатковая інфармацыя робіцца значна меншай.
У гэтай афішы я выкарыстала яшчэ адзін прыём. Тут запісана назва праекту «Кібер Кінабункер 5.1» і назва самаго фільму «Расшчэплены». Каб гэтыя назвы не зліваліся і не канкуравалі паміж сабой, я раблю іх рознымі колерамі. (Пры чым другім колерам я абіраю – цемна-аранжавы, таму што гэты колер ужо прысутнічае на малюнку).
7. Вось я і зрабіла афішу. Па часу ў мяне сышло каля 1,5 гадзіны (+ – 0,5 гадзіны). Экспартую яе ў памеры 1500 пікселаў па доўгай старане. З такім памерам яна добра падыходзіць для інтэрнэта. (Бывае, я раблю памер менш – 700-900 пікселаў па доўгай старане, калі важна, каб памер малюнка не быў вялікі, але ў той жа час, каб ён добра выглядаў на электронных дэвайсах).

Такім чынам, мы разгледзелі прынцып размяшчэння і іерархіі тэксту і малюнкаў, які грае важную візуальную ролю. Можна пераносіць яго і на іншыя дызайны грамадскай ініцыятывы – постары, візітоўкі, улёткі, улічваючы асаблівасці гэтых прадуктаў.
Вось некалькі іншых прыкладаў афіш зробленых па гэтаму прынцыпу.



З вамі была Энтрапія – кібер_дызайнерка, самавучка, якая робіць візуальны дызайн для Фаланстэра з 2011 года. Іншыя дызайны вы можаце паглядзець на сайце Фаланстэра, ці ў адмысловай групе. Усе яны выкладаюцца пад свабоднымі ліцэнзіямі Creative Commons (BY-SA), а значыць вы іх можаце спампоўваць і пераробліваць для сабе.




Адна думка пра “Як зрабіць афішу для імпрэзы грамадскай арганізацыі?”