Аляксей Кірпічэнкаў — сісадмін, які сумяшчае асноўную працу і валанцёрскія праекты, любіць JavaScript і ўсё, што звязана з тэхналогіямі. Аляксей прымаў удзел у чатырох праектах Майстэрні і не збіраецца спыняць сваю актыўнасць.
Змест
— Аляксей, раскажы, як ты далучыўся да Лічбавай Майстэрні?
— Я вывучаў прыкладную матэматыку, зараз працую як сістэмны адміністратар.
Праграміраванне — гэта больш хобі для мяне. Калі ёсць хобі, то звычайна сам вынаходзіш сябе задачы. Я падумаў, а чаму бы не сумясціць вольны час і дапамогу. Я люблю рабіць новыя задачы з ужываннем навейшых тэхналогій.
Аднойчы я гугліў, дзе ёсць якія цікавыя праекты, першы раз у жыцці націснуў на платную рэкляму і папаў на сайт Майстэрні.
— І што было далей? Як ты звязаўся з камандай?
— Я размаўляў з Міхасём па скайпу. Ён добра змястоўна ўсё расказаў, і мне было цікава, што будзе далей. Не магу сказаць, што актыўны ўдзельнік розных суполак і не лічу сябе моцным актывістам, але ў Майстэрні мне вельмі спадабалася.
Пра праекты Майстэрні
— Давай пагаварым пра праекты, якія ты рабіў для Лічбавай Майстэрні. У якіх праектах ты прымаў удзел і ў якасці каго?
— Першы праект быў лэндзінг для Komnata 3/0/2. Я далучыўся да гатовага праекту і ў асноўным быў на вёрстцы. Другі праект — гэта праект «Градка» пра ліцэнзіі Creative Commons у Беларусі. Гэта мой любімы праект, тут быў узорны працоўны працэс. У ім я займаўся візуальнай часткай у плане фронтэнда і пераносіў на Drupal. Трэці праект — гэта чат-бот для Slack «Балбатун». І чацвёрты — гэта модуль прыёма ахвяраванняў «Дойка».

— Распавядзі падрабязней пра чат-кліент для Slack.
— Гэты чат-кліент амаль цалкам мая распрацоўка за выключэннем дызайна. Я хацеў разабрацца с JS, а Майстэрне патрэбны быў чат. Так я вырашыў аб’яднаць усе задачы ў адну. Перавага гэтага кліента бачна ў параўнанні з тым, што зараз зроблена для Slack у плане інтэграцыі з іншымі сэрвісамі. «Балбатун» дапамагае збіраць усе паведамленні ў адзін Slack-канал. Атрымліваецца такі патокавы чат як у Тэлеграме. Пры гэтым юзеры могуць не мець свой акаунт ў Slack і ім не трэба ўсталяваць ніякіх іншых праграм. У планах працаваць над інтэграцыяй «Балбатуна» з Тэлеграмам.
— Аляксей, над чым ты зараз працуеш?
— Зараз ідзе дапрацоўка «Дойкі». Гэта плагін, які дапамагае арганізаваць збор грошай і краудфандыгавыя кампаніі. Лепей сачыць за навінамі па гэтаму прадукту на сайце Фаланстэра.
Пра валанцёрства і матывацыю
— Што цябе больш за ўсё падабаецца ў праектах?
— У мяне ёсць унутранае задавальненне ад працы, і мяне не вельмі цікавіць яе піар-частка. Мне падабаецца вывучаць розныя тэхналогіі адразу праз кодынг, а калі гэта яшчэ і карысна для каго-небудзь, то гэта зусім крута! Калі нешта малюеш, то гэта ж не значыць, што ты робіш гэта для выставы? Магчыма ж маляваць для сябе і пісаць код для сябе.
— Назаві тры рэчы, якія табе падабаюцца ў Майстэрні?
— Мне падабаецца адкрытасць дыскусій і ідэй. У нас гэта адкрыты працэс: прапаноўвай, што хочаш, абмяркоўвай, што хочаш. Калі добра аргументуеш сваю ідэю, калі яна мае рацыянальнае зерне, то яна знойдзе водгук. Гэта якраз адна з тых суполак, дзе ініцыятыва заўседы вітаецца. Па-другое, гэта размовы з людзьмі, якія любяць сваю справу. Гэта заўсёды абмен досведам, і я гэта цаню больш за чытанне кніг і розных матэрыялаў.
— Чаму ты навучыўся за час працы над праектамі? Дзе быў самы вялікі рост?
— Я вельмі паглыбіў свае веды ў JavaScript. Даведаўся пра шмат цікавых фіч, быццам іншы свет убачыў. Пракачаў вёрстку, стаў рабіць яе значна хутчэй, чым раней, і набыў новыя скілы ў плане камунікацыі. Бо калі рэалізуеш нешта адзін — гэта адно, а калі патрэбна данесці думкі да каманды, то вучышся не замыкацца ў сабе, гэта зусім іншы досвед.
— А які праект стаў для цябе чэленджам?
— Думаю, што гэта ўсе-такі чат-бот. Я пачынаў з не вельмі добрымі ведамі JS, і часам патрэбна было шмат чытаць і траціць на гэта даволі шмат часу. Нават даводзілася размаўляць з тэхпадтрымкай Slack. Я пісаў код, а ў іх якраз былі змены ў API, і дзякуючы ім, шмат багаў было спраўлена значна хутчэй.

— Ці ёсць падобныя ініцыятывы ці аднадумцы ў Бярэсці?
— Не, Бярэсце — гэта ціхі гарадок. Сябры, калегі ведаюць, чым я займаюся, але знаёмств з іншымі валанцёрамі асабліва няма. Мне было бы цікава паразмаўляць з калегамі-фронтэндарамі, абменяцца досведам.
— Што бы ты параіў іншым валанцёрам?
— Галоўнае — гэта спрабаваць. Майстэрня заўсёды гатова прыняць новых удзельнікаў. Стандартны набор для вярстальшчыка — гэта HTML, CSS, JS. Добра, калі ведаеце тое, што можа аўтаматызаваць і паскорыць распрацоўку: Gulp, Webpack.
Распрацоўка пастаянна ідзе наперад, таму трэба заўсёды сачыць за навінамі, бо праз год ужо шмат чаго можа змяніцца.
ТОП-3 карысных рэсурса для вэб-распрацоўшчыкаў
1. Mozilla Blog
2. Stack Over Flow
3. Хабрахабр


Прачытала, як з Аляксеям пагутарыла! 🙂
Мы з табой, Марыя, амаль адначасова пасты у блог дадавалі… Мо з-за гэтага у мяне дрэнна фоткі грузіліся…
І яшчэ.. было б добра дадаць спасылку і на сайт “Градкі” https://falanster.by/be/creativecommons
не павінна быць запавальнванняў. зараз працуем над вырашэннем пытанняў з базай дадзеных