Чым заняць вольны час? Гід для асабліва неўтаймаваных

Апублікавана

by — Posted in Uncategorized, магчымасці

Вольны час. У кагосьці яго зашмат, а каму заўсёды не хапае. Канечне, хацелася б правесці яго з карысцю. А што рабіць, калі звыклыя спосабы баўлення вольнага часу не даспадобы? Для асабліва неўтаймаваных падыдзе валанцёрства. Гэта і праца, і камунікацыі, і эмоцыі поўныя кішэні.

На падставе асабістага досведу валанцёрства я выдзеліла чатыры найбольш буйныя і вельмі папулярныя напрамкі дзейнасці. Кожны з іх накіраваны на пэўную катэгорыю людзей і адрозніваецца зместам працы. Вашай увазе прапаноўваецца кароткі агляд дзейнасці валанцёраў і агульныя патрабаванні, што прад’яўляюць кандыдатам.

Валанцёрства на спартыўных мерапрыемствах

Што патрабуецца ад валанцёра: дапамога ў рэгістрацыі ўдзельнікаў, суправаджэнне груп спартоўцаў, справачна-інфармацыйная дапамога і інш. У залежнасці ад узроўню спартовага мерапрыемства (лакальнага ці міжнароднага), маштабы валанцёрскай працы будуць розныя. Патрэбна ўлічваць, што мерапрыемствы лакальнага ўзроўню адбіраюць валанцёраў па значна меншай колькасці крытэрыяў. Таму і трапіць валанцёрам на такія мерапрыемствы прасцей.

Напрыклад, стаць валанцёрам на спартовым мерапрыемстве “Зялёны стадыён” (серыя спартовых спаборніцтваў па спартыўнаму арыентаванню) даволі проста. Ад вас патрабуецца толькі запоўніць анкету. На мерапрыемстве вам прапануюць займацца рэгістрацыяй удзельнікаў, зборам і фіксацыяй аплаты за ўдзел у мерапрыемстве, або выконваць справачна-інфармацыйныя функцыі.

Сацыяльнае валанцёрства

Пад “сацыяльным валанцёрствам” я маю на ўвазе дапамогу састарэлым, інвалідам, дзецям з захворваннямі, а таксама дапамогу ў пошуку зніклых людзей. Такі від валанцёрства прапаноўваюць ВНУ, каледжы, грамадскія арганізацыі. Стаць валанцёрам можа кожны жадаючы. Вам патрэбна звярнуцца ў валанцёрскую службу вашай навучальнай установы, або дабрачыннай арганізацыі, што займаюцца такім відам дзейнасці.

Напрыклад, Чырвоны Крыж прапануе ўдзел у інфармацыйных мерапрыемствах па ахове здароўя. Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў, акрамя бытавой дапамогі інвалідам, прапануе ўдзел у арганізацыі спартовых мерапрыемстваў і, нават, PR. У цэнтры дабрачыннай арганізацыі UniHelp – дзеці з цяжкімі захворваннямі, а таксама дзіцячыя сацыяльныя ўстановы. Валанцёры гэтай арганізацыі займаюцца дабрачыннымі акцыямі, арганізацыяй вольнага часу хворых дзяцей у шпіталях і інш.

Акрамя вышэйназваных арганізацый існуе і шэраг іншых. Сярод іх – праект “Добрае сэрца” ад БРСМ, “Крылы Анёла” (займаюцца арганізацыяй спартовых мерапрыемстваў для дзяцей-інвалідаў), Беларускі дзіцячы хоспіс (працуюць з дзецьмі, што хварэюць невылечнымі захворваннямі) і інш.
Яшчэ адна некамерцыйная арганізацыя “Універсітэт трэцяга ўзросту” прапануе валанцёрства для людзей узросту 60+. Валанцёры ўніверсітэту аказваюць сацыяльную дапамогу ветэранам вайны, інвалідам, працуюць з шматдзетнымі сем’ямі.

Акрамя дапамогі хворым дзецям і састарэлым, можна прымаць удзел у пошуку зніклых людзей. Такой дзейнасцю займаюцца Чырвоны Крыж і пашукова-выратавальны атрад “Анёл”.

Валанцёрская дапамога бяздомнай жывёле

Падобнай дапамогай займаюцца як дробныя арганізацыі (напрыклад, “Пакінуты анёл” займаецца дапамогай бяздомным коткам), так і даволі буйныя (Аб’яднанне аховы жывёл “Эгіда”, Аб’яднанне дапамогі бяздомнай жывёле “ЗООшанс”). Арганізацыі займаюцца дапамогай прытулкам для бяздомнай жывёлы, зборам сродкаў на лячэнне, арганізацыяй сістэмы часовага ўтрымання жывёл у сем’ях неабыякавых грамадзян і пошуку сталага дому для сваіх пітомцаў. Кожная з гэтых арганізацый мае свой валанцёрскі цэнтр, куды можа звярнуцца любы жадаючы і прапанаваць сваю дапамогу. Валанцёрам прапаноўваецца займацца выгулам, доглядам за хворымі, транспарціроўкай, арганізацыяй дабрачынных акцый і інш.

Валанцёрства на канферэнцыях, фестывалях

Такім відам валанцёрства я займаюся ўжо трэці год. Мяне цікавяць ІТ-тэхналогіі, таму я выбіраю мерапрыемствы, звязаныя менавіта з гэтай тэмай. Мне даводзілася выконваць шэраг функцый – ад рэгістрацыі ўдзельнікаў да вырашэння тэхнічных непаладак (напрыклад, не адкрываецца прэзентацыя, не працуе мікрафон і г.д.). У сувязі з тым, што я працую капірайтэрам, мне даручалі займацца напісаннем прэс-рэлізаў, рэпартажаў аб мерапрыемстве для інтэрнэт-рэсурсаў, напісаннем пастоў для паблікаў мерапрыемства і г.д. Я заўважыла, што абавязкі валанцёраў прыкладна аднолькавыя на ўсіх канферэнцыях. Таму каб павысіць свае шанцы трапіць на мерапрыемства, выберыце для сябе той блог абавязкаў, якія ў вас атрымліваюцца лепш і прапаноўвайце гэта арганізатарам.

Трэба мець на ўвазе, што канферэнцыі — гэта даволі афіцыйныя мерапрыемствы. Больш дэмакратычная атмасфера пануе на тэматычных фестывалях. За сваю валанцёрскую кар’еру я змагла прыняць удзел толькі ў адным такім мерапрыемстве — Unicon & Game Expo Minsk 2017. Патрапіць туды мне пашэнціла толькі дзякуючы папярэдняму валанцёрскаму вопыту на канферэнцыях. Таму і на гэтым мерапрыемстве я адказвала за справачна-інфармацыйны стэнд (інфармавала ўдзельнікаў аб месцы размяшчэння таго ці іншага выставачнага стэнду, тлумачыла правілы ўдзелу ў квэсце і кантралявала правільнасць запаўнення вынікаў). Даводзілася вырашаць і нестандартныя задачы кшталту дзе знаходзіцца бліжэйшы банкамат, шукаць згубленную банкаўскую картку і г.д.

Валанцёрыць менавіта на гэтым фестывале мне было значна складаней, чым на канферэнцыях, бо была занадта далёкай ад тэмы анімэ, коміксаў і браўзерных камп’ютэрных гульняў. Давялося максімальна хутка запоўніць прабелы ў ведах. Таму, каб выконваць свае валанцёрскія абавязкі якасна, старайцеся выбіраць тыя тэматычныя мерапрыемствы, дзе вы маеце нейкае дачыненне да тэмы.
Напрыклад, амаль усе валанцёры фестывалю Unicon 2017 былі апантанымі геймерамі. Некаторыя самі майстравалі касцюмы тых або іншых герояў, хтосьці канструяваў простыя камп’ютэрныя гульні, а хто меў свой канал на YouTube. Шмат было тых, хто чытаў кнігі, коміксы, глядзеў фільмы, створаныя на аснове той ці іншай камп’ютэрнай гульні.

Вашай увазе прапанаваны кароткі агляд найбольш папулярных напрамкаў у валанцёрстве. Менавіта іх прапануе вам пошукавая сістэма па запыту “валанцёр”. Вам застанецца толькі выбраць тое, што больш адпавядае вашым інтарэсам. Калі ж ніводзін з прапанаваных напрамкаў вас не зацікавіў, то ёсць больш экзатычныя напрамкі для валанцёрства. Пра іх мы пагаворым у наступным артыкуле.

Дзяліся:


lilit
Інтэрнет-маркетолаг шырокага колу інтарэсаў

Адна думка пра “Чым заняць вольны час? Гід для асабліва неўтаймаваных”

  1. Вольга, а вы па ўсіх чатырох накірунках валанцёрылі? 🙂 Што вам больш спадабалася?

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *