Асцярожна, шмат літараў і фота! Асабліва – фота (;
Увосень
З узгорка ў лагчынку дарожка збягае.
Дубы наабапал стаяць.
А хвалі крынічныя — хто іх там знае —
Аб чымся, знаць, важным шумяць.
Якуб Колас
Увосень, адзін з праектаў Фаланстэра – Мапа заўтрашняга дня, распачаў шэраг вандровак па Беларусі. Гэтым турам каманда аб’ехала вялікі шэраг гарадоў: Берасце, Магілёў, Орша, Віцебск, Наваполацк (Полацк), Браслаў, Глыбокае, Бабруйск, Гомель, Мазыр, Маладзечна, Мсціслаў, Пінск, Гародня, Салігорск, Барысаў.
Мне выпала распачаць вандроўкі з Берасця і патрапіць у большую частку гарадоў з вышэй пералічанага спісу. І, менавіта таму, зараз я набіраю гэты тэкст.
Шмат ёсць гаворак, што Менск розніцца ад іншых куткоў Беларусі. І ты жывеш, і нібы разумееш гэта. Але адчуць гэтую рознасць можна толькі ўдыхнуўшы тое, мясцовае паветра. Якое, як не дзіўна, мае розныя адценні ў розных кропках краіны. Пад адценнямі маю на ўвазе не толькі фізічна ўлавімыя пахі, але і пэўныя энэргетычныя канцэнтрыцыі, вібрыцыі якія неўлавіма зчытваюцца ўсімі клетачкамі цела.
Змест
А тут блок навігацыі
Раскачка пачалася з Берасця
Памежны горад, вядомы шчыльнымі транспартнымі плынямі і сувязямі з польскімі гарадамі Тэрэспалем і Беластокам. То была мая, далёка, не першая сустрэча з горадам. Але, гэта была першая сустрэча з вялікай колькасцю мясцовых актывістаў. З людзьмі, якія жывуць тут і штосьці робяць для сябе і грамадскага клімату гарадской прасторы. У Берасці адчуўся дзьвіж – дзьвіж грамадскай актыўнасці.



Пасля паўднёвага Берасця, распачалося нашае падарожжа, пад кодавым назовам – Паўночны трып
Пад час адной вялікай вандроўкі па Віцебскай вобласці мы ахапілі шэраг гарадоў ад Оршы да Глыбокага.
У Оршы адчуўся вельмі моцны кантраст, пад час сустрэчы з мясцовымі актывістамі, у параўнанні з папярэднім горадам. Было стойкае адчуванне, што горад вымірае, што ты патрапіў у нейкае далёкае мінулае, і што моладзь як від – тут перавялася. Верагодна, у нас проста не атрымалася выйсці на моладзевую праслойку мясцовага актывізму. Але і сам горад поўніўся атмасферай застою і нейкіх карцінак з далёкага мінулага, якія заховаюцца ў дзіцячых успамінах навакольнага свету.







Далей быў досыць сучасны і дзелавы Віцебск. Па атмасферы і руху горад нагадаў сталіцу. Паветра, канешне іншае – але падобнае.
Полацк і Наваполацк – адчуўся прадпрымальніцкі дух і творчы патэнцыял
Так атрымалася, што мапатон мы праводзілі для аднаго чалавека тамака. У нашу сістэму каштоўнасцяў чотка ўпісваецца разуменне паняцця якасці, а не колькасці. І вось там, у Наваполацку – моц якасці парадавала.
Полацкі ранак сустрэў густым туманам
Дарога на Браслаў адчувалася паралельнай рэальнасцю. Было столькі прыгажосці і супакою, што адчуванне касмічнай глыбіннасці наваколля не адпускала.







Гаворка мясцовых у кафэ пры дарозе. Добры свет у вачах удзельнікаў мапатону. Шчырая радасць і натхненне ад адчування ўцягнутасці і цікаўнасці да праэкту. Не то сонейка, што шчодра свяціла цягам усяго дня, не то людзі і іх стаўленне да справы – Браслаў закараніўся зіхаценнем прыемнай цеплыні ў сэрцы. І ты мімаволі хочаш ізноўку дакрануцца той азёрнай касмічнасці.
Далей было Глыбокае з незвычайнымі прадстаўнікамі бізнэсу. Адбылося нестандартнае паглыбленне ў тамтэйшую рэчаіснасць. А паляванне на вішнёвую згушчанку завершылася прыдбаннем двух каробачак класічнай і варонай. Попыт на вішню не губляе сваёй актуальнасці!
Такой нотай завершыўся наш Паўночны трып.
Мае адносіны з Гомелем не складваюцца ўдала
У гэтай лакацыі мяне не мінае магчымасць напаткаць нядобрых людзей. Хаця і добрых я сустракаю. Але чамусці тая канцэнтрацыя адмоўнага з якой даводзіцца перасекчыся пакідае значна большы след. Так, гэтым разам, пад час мерапрыемства давялося пазнаёміцца з тролямі. Для мяне гэта быў абсалютна новы вопыт камунікацыі. І я дагэтуль яго перажываю і пераварваю. Але вечаровы Гомель здзівіў і зацікавіў футурыстычнай пляцоўкай з арэлямі, на якіх можна гайдацца і адначасова зараджаць свае гаджэты. Хачу сустрэцца з горадам ізноўку. Толькі ўжо цёплымі дзянькамі, каб яны спрыялі наладжванню адносінаў з горадской прасторай.

Горад пагоркаў і драўляных лесвіц
Легендарны мост праз ваду, што пазбаўляла сувязі людзей на балоце з больш прагрэсіўнымі тэрыторыямі. Мазыр – загадкавы горад, напоўнены пэўнай спецыфікай міжасабовай культуры камунікацыі і таямнічай загадкавасцю. Разам з тым тут адчуваецца рытм і энэргія. Жаданне рухацца і зрушваць адчувалася ў актыўных удзельнікаў мапатону.



Сталіца Палесся здзівіла з першых хвілінаў нашай сустрэчы
Горад поўны цікавых дэталяў і кантрастаў. Людзі маюць надзвычайныя рысы характараў. І сюрэлістычныя задаткі, якія можна лёгка напаткаць на прасторах Пінскіх вулачак ці ўзбярэжжы Прыпяці. Пэўная бясстрашнасць і гатоўнасць рушыць у бой адчулася мной, пасля шэрагу камунікацый з жыхарамі гораду.








Завершыла сваё паглыбленне ў грамадска-актыўную праслойку краіны ў прыгожай Гародні
Горад які для мяне асацыюецца з рамантычнай эстэтыкай. Два халодных дні мы былі разам. Гэта былі цяжкія дні па шэрагу прыватных прычын. Але людзі да якіх я прыехала, каб расказаць пра Мапу заўтрашняга дня, вельмі ўзрадавалі мяне. Бо я адчула як шмат дыбрыні ў іх.


