Для грамадства, у якім мы існуем, як на індывідуальным узроўні, так і ў сферы асобных супольнасцей, грамадскіх арганізацый, існуе патрэба ў разуменні таго, як забяспечыць сваё функцыянаванне ў фінансава-эканамічнай галіне. Для гэтага мы будзем разглядаць такое паняцце, як паводніцкая эканоміка, што ўваходзіць у дадзеную з’яву.
Аб гэтым мы запыталіся ў Івана Кіліна, удзельніка STE Club, загадчыка сектара працоўных адносін інстытута эканомікі НАН Беларусі.
1. Паводніцкая эканоміка (ПЭ) у цэлым разглядаецца як асаблівасці дзеянняў эканамічнага агента зыходзячы з уплыву эмацыйных, кагнітыўных, культурных фактараў. Якім чынам ПЭ, зыходзячы з вызначэння, разглядаецца ў практычнай плоскасці?
Эканоміка мэйнстрыму разглядае рацыянальнага агента, які прымае ідэальныя эканамічныя рашэнні. У рэальным жыцці людзі прымаюць далёка не ідэальныя рашэнні. Паводніцкая эканоміка спрабуе зрабіць эканамічную навуку больш рэалістычнай і паказаць як людзі прымаюць рашэнне на самай справе. Для паводніцкай эканомікі галоўны даследчы інструмент – эксперыменты, таму яна па змаўчанні абапіраецца на практыку.
2. Паводніцкая эканоміка грунтуецца на рознага роду тэарэтычных палажэннях (парадокс Алле, даследаванні Канемана, Талера і г.д.). Якім чынам гэтыя палажэнні можна разглядаць у кантэксце беларускіх рэалій, ці ж яны ўжываюцца для агульных выпадкаў?
Паводніцкая эканоміка, як правіла, займаецца ўніверсальнымі заканамернасцямі, і паказвае хутчэй кірунак розных эфектаў, а не дае дакладныя прадказанні для кожнай канкрэтнай нацыянальнай эканомікі. Прынамсі, на пачатковых тэарэтычных і эксперыментальных этапах не ідзе гаворкі пра культурныя асаблівасці. Даследчыкі вылучаюць гіпотэзы і правяраюць іх эксперыментальна там, дзе яны знаходзяцца геаграфічна. Далей могуць быць праведзены даследаванні ўжо ў рамках канкрэтнай эканамічнай сістэмы. Так, ужо ў некалькіх краінах ёсць спецыяльныя даследчыя групы, якія выкарыстоўваюць паводніцкую эканоміку для вырашэння лакальных задач.
Напрыклад, у Вялікабрытаніі ў 2010 з’явілася Behavioural Insights Team – група пры ўрадзе, якая выкарыстоўвае інструменты паводніцкай эканомікі і сацыяльнай псіхалогіі. Найбольш вядомы прыклад іх дзейнасці – павелічэнне падатковых плацяжоў на 20% за кошт змяненняў у фармулёўцы ліста, які высылаецца плацельшчыкам. Праз некаторы час аналагічная група пачала працаваць пры ўрадзе ЗША (Social and Behavioral Sciences Team).
3. Ці можна разглядаць асаблівасці эканамічных паводзінаў на ўзроўні этнічнай групы, такой як, напрыклад, беларусы, што для іх характэрна: іх стратэгіі прыняцця рашэнняў, распаўсюджаныя паводніцкія памылкі, з’ява ўзаемнага альтруізму?
Безумоўна, можна, але для гэтага трэба праводзіць шэраг эксперыментаў. Пакуль у Беларусі не праводзіліся даследаванні, якія б апісвалі вышэйпаказаныя аспекты з пункту гледжання паводніцкай эканомікі.
4. Ці існуе пэўная сістэма, метады, якія дазваляюць суб’екту эканамічных зносінаў прадухіліць ці ж скарэктаваць негатыўныя праявы пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў?
Універсальнага рэцэпту не існуе. Для кожнай сітуацыі ёсць свае метады. Напрыклад, у паводніцкай эканоміцы разглядаецца праблема самакантролю. Для рацыянальнага агента такой праблемы не існуе – ён валодае ідэальнай сілай волі. У рэальных людзей пастаянна ўзнікаюць праблемы з самакантролем: схапіць шакаладку на касе, з’есці торцік на ноч, праспаць важную сустрэчу – практычна кожнаму знаёмая такая сітуацыя. І вось эканамісты і псіхолагі высветлілі, што сіла волі – гэта не пастаянная велічыня, яна мае ўласцівасць расходавацца. Гэта значыць калі вы бачыце торт, і вам вельмі хочацца яго з’есці, але вы стрымліваецеся, ваша сіла волі расходуецца. Калі за дзень такіх сітуацый будзе шмат, то, у рэшце рэшт, вы сарвецеся. Таму варта прытрымлівацца наступнай стратэгіі – як мага менш трапляць у сітуацыі, дзе вам патрабуецца максімальна выкарыстоўваць сілу волі. Калі вам нельга салодкага – не хадзіце ў аддзелы, дзе прадаюць кандытарскія вырабы.
5. З якімі найбольш распаўсюджанымі складанасцямі сутыкаюцца рознага роду арганізацыі зыходзячы з падыходу паводніцкай эканомікі?
Такіх складанасцяў мноства. Можна вылучыць некалькі, самых відавочных, звязаных з эфектам непрымання страты. Калі коратка, сутнасць гэтага эфекту ў тым, што людзі прыкладна ў два разы мацней хвалююцца ад страты пэўнай сумы грошай, чым радуюцца з-за атрымання такой жа сумы грошай. Пару прыкладаў. Практычна на кожным прадпрыемстве існуе сістэма прэміі. Гэтыя прэміі, як правіла, чакаюцца работнікамі і калі па нейкай прычыне іх не выплачваюць – узнікае сур’ёзная незадаволенасць. Іншы прыклад – перамовы. Думаю, кожны з вас заўважаў, што калі вядуцца таргі, удзельнікі мяняюць кошт толькі ў адным кірунку: тыя, хто прадае – у бок павелічэння, тыя, хто купляе – у бок зніжэння. Практычна ніколі не сустракаюцца сітуацыі, калі прадавец зніжае цану, а таму раптам перадумвае і павялічвае цану. Такія паводзіны могуць прывесці толькі да зрыву перамоваў.
Эканоміка паводзінаў Гік-лаўкі
Некаторыя ідэі таго, як рэалізуюцца эканамічныя паводзіны ў грамадскім сектары прывяла вэб-дзызайнер і аўтар блога Лічбавай майстэрні Святлана Ермаковіч, на прыкладзе Гік-лаўкі:
- Людзі будуць набываць рэчы з каштоўнасцямі, якія ім блізкія, ці якія яны “пазналі” на рэчах. Прыклад, цішотка з надпісам “404. я згубілася”.
- Людзі любяць прыналежаць нейкай групе, якая стварае частку іх індэнтычнасці. Прыклад папулярных налепак для праграмістаў: “geek commit” з камандамі сістэмы кантроля версій git, якую ведае шмат тых, хто піша код у калектыве.
- Людзі, якія ўжо ўклаліся сродкамі і валанцерствам у нейкую справу, якая ім падабаецца, будуць адчуваць яе важнасць і ўкладаць свае сродкі яшчэ больш. Прыклад: у першую чаргу набываю рэчы Гік-Лаўкі сябры Фаланстэра і яго праектаў.
Такім чынам мы можам падсумаваць, што паводніцкая эканоміка – гэта ўніверсальная сістэма вучэнняў, якія грунтуюцца на эксперыментальнай плоскасці. Даследнікі ў гэтай сферы апісваюць эфекты, характар людскіх паводзінаў ў розных сітуацыях прыняцця стратэгічных рашэнняў, здзяйснення тых ці іншых эканамічных дзеянняў.

