У мінулым артыкуле мы вялі размову пра самыя папулярныя віды валанцёрскай дзейнасці. Зараз мы прапануем вашай увазе нестандартныя, але даволі цікавыя віды валанцёрства.
Валанцёрства ў розных грамадскіх аб’яднаннях
Існуе шэраг грамадскіх аб’яднанняў, якія поўнасцю складаюцца з валанцёраў і ў сваёй дзейнасці больш арыентуюцца на саміх валанцёраў. Кожная з такіх арганізацый таксама мае сваю спецыялізацыю. Напрыклад, грамадскае аб’яднанне “Офис продвижения инициатив” спецыялізуецца на працы з моладдзю. Яны арганізоўваюць семінары або майстар-класы на тэму лідарства. Моладзевае аб’яднанне “Фіяльта” ладзіць шэраг адукацыйных і забаўляльных мерапрыемстваў для валанцёраў. Напрыклад, моўныя клубы па замежным мовах, майстар-класы па медытацыі, калектыўны прагляд фільмаў і іншае.
Аб’яднанне “Фаланстэр” спецыялізуецца на камп’ютарнай дапамозе іншым недзяржаўным ініцыятывам, таму мае два напрамкі дзейнасці: паглыбленне камп’ютэрных ведаў сярод саміх валанцёраў і ІТ-дапамога ініцыятывам. Для арганізацыі ІТ-дапамогі ў “Фаланстэры” маецца асобны праект – “Лічбавая майстэрня”. Пад “ІТ-дапамогай” маецца на ўвазе стварэнне сайта, праца над дызайнам электроннага рэсурсу ініцыятывы і інш. Акрамя непасрэднай дапамогі ініцыятывам “Фаланстэр” таксама стварае спецыяльныя прыкладанні, якія маюць сваёй мэтай палепшыць асобныя аспекты ў дзейнасці ініцыятыў. Напрыклад, модуль данэйт (або “Дойка”) – спецыяльнае прыкладанне, для арганізацыі збору ахвяраванняў праз Інтэрнэт.
Акрамя камп’ютэрнай дапамогі ініцыятывам, у “Фаланстэры” маюцца шэраг клубаў па паглыбленню камп’ютэрных ведаў сярод саміх валанцёраў. Напрыклад, клуб “Ars Nova” па працы з графічнымі прыладамі, клуб “Drupal” па працы з CMS Drupal, клуб па вывучэнню юрыдычных аспектаў працы з спецыяльнай камп’ютэрнай ліцэнзіяй Creative Commons і інш.
Грамадскае аб’яднанне “Актыўным быць файна” спецыялізуецца на адукацыі валанцёраў па сістэме “швецкіх” гурткоў. У арганізацыі дзейнічаюць гурткі па маўленчаму майстэрству, жыццёвай псіхалогіі, гуркі, прысвечаныя навучанню весці дэбаты і інш.
Нягледзячы на такую разнастайнасць, усе недзяржаўныя аб’яднанні маюць адну асаблівасць – усе яны прапаноўваюць EVS-валанцёрства (валанцёрства ў адукацыйных праектах за мяжой). Усе яны маюць спецыяльны рэгістрацыйны нумар у Еўрапейскай валанцёрскай службе, кантактуюць с замежнымі валанцёрскімі арганізацыямі і ўдзельнічаюць у сумесных праектах.
Акрамя недзяржаўных аб’яднанняў, існуюць дзяржаўныя, якія таксама прыцягваюць валанцёраў для працы ў сваіх праектах. Найбольш вядомай сярод іх з’яўляецца БРСМ. У сваёй дзейнасці яна сфакусавана на аказанні валанцёрскай дапамогі. Для гэтай мэты арганізоўваюцца спецыяльныя праекты, напрыклад, “Добрае сэрца”, або з валанцёраў фарміруюць групы для працы з пэўнымі катэгорыямі людзей.
Іншыя віды валанцёрскай дапамогі
Акрамя валанцёрскай працы на пастаяннай аснове, існуе яшчэ адзін від – валанцёрства па вырашэнню пэўных праблем. Пад такую катэгорыю ўмоўна можна аднесці і валанцёрства на культурна-забаўляльных мерапрыемствах і канферэнцыях. Тым не менш, ёсць яшчэ адзін напрамак у валанцёрскай рабоце, які ўзнік на аснове энтузіязму простых грамадзянаў і накіраваны на вырашэнне лакальнага пытання. Такі від валанцёрства прапаноўвае інтэрнэт-рэсурс Talaka. У якасці прыкладу можна прывесці валанцёрства на археалагічных раскопках. Паваланцёрыць у якасці археолага прапаноўвае грамадская ініцыятыва “Kreva Incognita”. Ніякіх абмежаванняў на ўдзел няма, аднак запісацца ў валанцёры можна толькі праз платформу Talaka. Акрамя валанцёраў-археолагаў, на Talaka шукаюць валанцёраў на рэканструкцыю або кансервацыю гістарычных помнікаў Беларусі, якія маюць гістарычную каштоўнасць, але не ўнесеных у дзяржаўныя спісы помнікаў гістарычнай спадчыны. Паваланцёрыць можна на кансервацыя рэшткаў гарадзішча ў Мсціслаўле, руін каплічкі Рэйтанаў у Грушаўцы, у аднаўленні шляхецкіх сядзіб, млыноў і інш. Большасць з такіх аб’ектаў адносяцца да XVIII-XIX стагоддзяў, але сустракаюцца пабудовы і значна старэйшыя. Усе яны знаходзяцца ў стане руін, а ініцыятывы па іх захаванні зыходзяць ад неабыякавых грамадзянаў і працы вядуцца на ўласныя сродкі. Абмежаванняў на ўдзел у такім валанцёрстве няма, аднак трэба ўлічваць, што тут патрабуецца фізічная сіла. Валанцёрам патрэбна будзе займацца пабудовай падпорак, прыбіраннем будаўнічага смецця з аб’ектаў і інш.
Паваланцёрыць таксама прапаноўвае і кампанія “Wargaming” у сваёй службе тэхнічнай падтрымкі гульні World of Tanks. Валанцёрам прапануецца кансультаваць удзельнікаў гульні, вырашаць пэўныя тэхнічныя праблемы і інш. Патрабаваннем для жадаючых з’яюляецца наяўнасць вопыту гульні ў World of Tanks і пэўнага рэйтынгу.
Грунтуючыся на уласным валанцёрскім вопыту на канферэнцыях, вызначу некалькі плюсаў і мінусаў валанцёрскай дзейнасці.
Плюсы валанцёрства:
· Вы атрымаеце магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах;
· Вы атрымаеце магчымасць наладзіць патрэбныя сувязі;
· Вы атрымаеце магчымасць пазнаёміцца з людзьмі дастаткова разнастайных інтарэсаў;
· Вы атрымаеце магчымасць бясплатна трапіць на мерапрыемства.
Мінусы валанцёрства:
· На фестывалях, канферэнцыях і іншых спартыўна-масавых мерапрыемствах не заўсёды арганізоўваюць харчаванне для валанцёраў.
· Валанцёры, што дапусцілі грубыя парушэнні, назаўсёды трапляюць у “чорны спіс”. Гэта адносіцца да валанцёрства на культурна-масавых мерапрыемствах. Пад “грубымі парушэннямі” разумеецца арганізацыя доступу на мерапрыемства сваім сябрам пад відам валанцёраў (такое здараецца), пропуск арганізацыйных збораў для валанцёраў, якія ладзяць напярэдадні мерапрыемства (у такім разе вас не прапусцяць на мерапрыемства), невыкананне сваіх функцый на мерапрыемстве або доўгая адсутнасць на сваім працоўным месцы (калі вам партэбна адлучыцца на пэўны час, абавязкова папрасіце кагосьці з валанцёраў вас замяніць).
· Наяўнасць дрэс-коду. Гэта адносіцца да валанцёрства на канферэнцыях, у меншай ступені – тэматычных мерапрыемстваў. Вам, канечне, могуць выдаць адзенне з надпісам “валанцёр”, але такое практыкуецца рэдка і залежыць ад фінансавых магчымасцяў саміх арганізатараў.
· Высокі ўзровень самадысцыпліны. Вы павінны прыходзіць і пакідаць мерапрыемства ў загадзя абумоўлены час. На мерапрыемствах, што маюць працягласць больш за адзін дзень, вы абавязаны валанцёрыць усе дні мерапрыемства.
· Адсутнасць аплаты за выкананую працу. Вас могуць сабраць пасля мерапрыемства і пачаставаць гарбатай, могуць на афіцыйным закрыцці мерапрыемства запрасіць на сцэну, могуць выдаць падзяку, а могуць і “дзякуй” не сказаць. Усё залежыць ад арганізатараў.
На Беларусі валанцёрства як вопыт практычнага досведу нідзе не ўлічваецца. У Расіі існуе такі від дакумента, як “пашпарт валанцёра”. Ён дае пэўныя выгоды пры паступленні ў ВУЗы. У рэаліях Беларусі неаднаразовае валанцёрства дае вам бонус толькі у адным — лягчэй трапіць у валанцёры на больш сур’ёзныя мерапрыемствы. Вас з большай ахвотай возьмуць валанцёрыць у Расіі на алімпійскія гульні міжнароднага узроўню, напрыклад.
Такім чынам, трапіць у валанцёры няцяжка – усё залежыць ад наяўнасці ў вас свабоднага часу і самадысцыпліны. Тым не менш валанцёрства – самы непрадказальны від дзейнасці. Вы ніколі не ведаеце, якія функцыі вам выпадзе выконваць на мерапрыемстве, з якімі людзьмі прыйдзецца працаваць. Увесь ваш распарадак дня будзе поўнасцю падпарадкаваны праграме мерапрыемства і часу на сябе ў вас наўпрост не застанецца. Акрамя таго, валанцёрства на мерапрыемствах працягласцю больш за адзін дзень даволі моцна стамляе як маральна, так і фізічна.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці і недахопы валанцёрства, такая арганізацыя ўласнага свабоднага часу дапамагае развіць камунікатыўныя навыкі, пашырыць кола сваіх інтарэсаў. Валанцёрства сутыкне вас з людзьмі такіх колаў інтарэсаў, з якіх у сваім звычайным жыцці вы ніколі не сустрэне. Новыя ўражанні, новыя веды, новыя людзі – усё гэта дапамагае вырваць сябе з камфортнага існавання і паглядзець на жыццё па-іншаму.
Па ўласнаму вопыту валанцёрства магу сказаць, што не трэба разлічваць на нейкія выгоды — іх не будзе. Затое вы атрымаеце каштоўны практычны досвед. Валанцёрыць, або не — ўсе залежыць ад вашых асабістых мэт.
